Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Гайм Стефан - Агасфэр (Вечны Жыд) (На Белорусском Языке)


Стэфан Гайм
Агасфэр
(Вечны Жыд)
Раман
Пераклад: Васiль Сёмуха
РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
У якiм паведамляецца, як Бог на радасьць анёлам стварыў чалавека, i пра
разнамыснасьць двух рэвалюцыянэраў у прынцыповым пытаньнi
Мы падаем.
Праз бясконцасьць верхняга неба, вогненнага, са сьвятла, з такога самага
сьвятла, зь якога было саткана наша адзеньне, слава якога ўзятая намi, i я
бачу Люцыпара ва ўсёй галiзьне i абрыдлiвасьцi ягонай, i мне робiцца
вусьцiшна.
Ты каешся? кажа ён.
Не, няма ўва мне каяты.
Бо мы ж былi першыя роджаныя, створаныя ў першы дзень, разам з усiмi
анёламi й арханёламi, хэрувiмамi й сэрафiмамi, сонмамi й войскамi духаў,
створаныя з агню й подыху Бясконцага, паводле нiчыйго вобразу й падабенства,
створаныя да таго, як зямля была аддзелена ад нябеснай цьвердзi й воды ад
водаў, яшчэ да таго, як сталiся цемра й сьвятло, ноч i дзень, вятры й буры,
мы, неспакой, вечнае кружляньне па-над сфэрамi, вечнае зьмяненьне,
вечна-творчае.
Якi твор! кажа ён. Чалавек!
I пры гэтым пачало рабiцца так жахлiва велiчна, як калi б сьвет рыхтаваўся
спарадзiць новы сьвет. Голас у прасторы, Ягоны голас, у дзень шосты, каля
другое гадзiны: Дай нам зрабiць чалавека паводле нашага вобразу, паводле
нашага падабенства. Нам!.. Але быў толькi Ён, было толькi Яго Самога рашэньне,
мы ня мелi ў iм сваёй долi. А на анёлаў нагарнуўся вялiкi страх, найшло
трымценьне, i яны сказалi: Сёньня нам явiцца цуд, вобраз Бога, нашага Творцы,
бо паводле Свайго вобразу й падабенства стварае Ён чалавека.
I я бачу, як Люцыпар, павярнуўшыся ў падзеньнi да мяне, зьедлiва крывiць
рот.
З праху! кажа ён.
Але цуд, як i ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным i велiчным вiдовiшчам, як
толькi з прасторы прасьцерлася Божая правiца, сягнула праз цэлы сьвет, i ўсе
стварэньнi сабралiся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузiлася, i, як
штукар дастае свае аксэсуары - парашочкi й пудэлачкi з элiксiрам i костачкi,
альбо як кухарка муку, яйкi, алей, так, убачылi мы, Ён узяў з усёй зямлi
грудачку пылу й з усiх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну
паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя
элемэнты-стыхii - холад, цяпло, сухасьць i вiльгаць Ён паклаў сабе на далонь i
з таго зьляпiў Адама.
I мы павiнны былi яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне,
i мусiлi былi пачалавечы падладжвацца й пахлебiцца й кланяцца яму й ганараваць
яго!
I так сказалi анёлы перад аблiччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны
стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхiяў, калi ня дзеля таго, каб усё на сьвеце
карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлi, каб усе
пылатворныя служылi Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах i рэках давалася
яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з
агню, каб усе агнявыя iстоты й духi й магуты падкладалiся пад яго. Хвалеце
Госпада ў вышынях.
О, гэта бясконцае падзеньне бяз часу, бязь межаў, праз вечна роўнае,
блiскучае сьвятло. Дзе верх, дзе нiз, дзе нябесная цьвердзь з зоркамi,
хмарамi, салодкасьцю месяца, дзе глыбiнi царства Люцыпара, дзе зямля, каб нагу
на Яе прыткнуць, дзе распасьцёртая правiца Богава?
Любата было падзiвiцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было
яно - з пылу.
Прыгожы ён, чалавек Адам, нават я быў ўзрушаны прыгажосьцю, угледзеўшы
яго, бо ж я бачыў карцiну яго аблiчча, як яно ўспыхнула ў цудоўным сьвятле,
пасьля сьвятло ягоных вачэй, падобнае на сьвятло сонца, i зьзяньне ягонага
цела, як зьзяньне крышталю. I ён пацягн





Содержание раздела