Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Грабал Богумил - Танцавальныя Гадзiны Для Старэйшых I Спрактыкаваных (На Белорусском Языке)


Багумiл Грабал
Танцавальныя гадзiны для старэйшых i спрактыкаваных
Пераклад: Ян Максiмюк
Як i да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзiць да прыглядных паненак
пад касьцёл, не таму каб я надта бiў чалом Царкве, але там ля плябанii была
адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкiя машыны,
амэрыканскiя грамафоны на дзьве спружыны i вогнегасiлкi фiрмы "Мiнiмакс", i
той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў
гасподы й шынкi, i яны часта начавалi ў Алтмана ў заднiм пакойчыку, а калi
прыходзiла лета, ставiлi ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў
сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсунi выносiлi грамафон i пяялi й
курылi й загаралi ў купальнiках, ну дзiва дзiўнае, як у небе ў iх тамака было,
як у нейкiм раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзiў каля плоту на рэвiзiю, бо
зь сьвятарамi яму быў нешанцунак, адзiн вiкары зьбег зь ягонай пляменьнiцай у
Канаду, другi перайшоў у чэхаславацкую царкву i ажанiўся, а трэцi парушыў
забарону i пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралi, а так
закахаўся ў адну, ажно застрэлiўся ад нешчасьлiвага каханьня, з рэвальвэру або
браўнiнга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былi
хлапчукамi пазычылi адзiн i стралялi ў плот, як Конар Толнэс, потым брат
разабраў той браўнiнг i мы не змаглi ўжо сабраць яго назад i хацелi
застрэлiцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце,
дык я мог калi захачу пайсьцi да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзiў
выстраены, у крацястых нагавiцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гiльзу
"Мiнiмакса", як дыплямат, сонейка сьвяцiла, а тыя дзяўчаты ў купальнiках
ляжалi на плахтах нiбыта якi хаўрус "Паклоньнiц сонца", было iх шэсьць i
ляжалi яны наўзнак з рукамi падкладзенымi пад галоўкi з высока зачасанымi
фрызурамi ды глядзелi наўмысна ў аблокi, каб пакiнуць свае целы на папас
мужчынскiм вачом, але я, як што быў чульлiвы як Моцарт, i абагаўляў эўрапейскi
рэнэсанс, зiркаў на iх як кракадзiл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана,
другiм вокам на тыя ножкi, закладзеныя адна за адну, прыгажунi ўвесь час
калыхалi сваiмi лыткамi, а па мне бегалi мурашкi, каму ж яшчэ магло так
надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькiмi красунямi? хiба што толькi
кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьнiўся мне прыемны
сон, як мне прымроiлася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш
на лятарэi, але я ня меў лятарэйнага бiлета, ну так, бачыць пекара ў сьне
азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлiчак i Хрыстос, тыя
нiколi не сьмяялiся, наадварот, больш за ўсё плакалi, бо калi хто мерыцца быць
носьбiтам вялiкай iдэi, дык не павiнен рабiць глупстваў, у Гаўлiчка быў
дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзiўляў, прапаноўвалi яму
арцыбiскупскае крэсла, але ён выбраў справядлiвасьць, трохi кавы й крупнiку ды
толькi працаваць для народу, каб паменшыць непiсьменнасьць, гэта адно
разбэшчаным людзям уначы мiрсьцiцца такiм ладам, у гноi валяесься, вясёлы час
цябе чакае, або калi прысьнiцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе
наканавана, ну так, мiлыя панны, гэта якраз той клёк, калi чалавек спадзяецца
на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька
быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабiў нiчога iншага, як толькi жлукцiў
гарэлку i набiраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнiкаюць пустабрэхi,
як тая спрэчка за аўстрыйскiм часам мiж сацыяльнымi дэмакратамi, вальнаду





Содержание раздела