Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Кафка Франц - Нешчаслiвасць (На Белорусском Языке)


Франц Кафка
Нешчаслiвасць
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Калi мне ўжо ўсё апрыкрала - гэта было аднаго разу лiстападаўскiм
надвячоркам - i я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на
iпадроме; раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку лiхтароў; пасля завярнуў быў
назад, але ў глыбiнi пакоя, у вялiкiм трумо, згледзеў нешта яшчэ i закрычаў -
каб толькi чуць крык, на якi не адказваюць i якому не перашкаджае яго сiла,
якi гэткiм чынам узмацняецца без супрацьдзеяння i не можа ацiхнуць, нават калi
крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчынiлiся дзверы, вельмi
паспешлiва, бо паспешлiвасць была патрэбная, i нават конi каля павозак, што
стаялi ўнiзе на брукаванцы, як здзiчэлыя ў баi кавалерыйскiя конi, не шкадуючы
сваiх горлаў, паднялiся на дыбкi.
Нiбы маленькi прывiд, выплыла дзiця з цёмнага-цёмнага калiдора, у якiм
яшчэ не запальвалi лямпачку, i, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзiне
вузкай маснiцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя,
дзiця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоiлася,
зiрнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыцiснутая паўзмрокам
смужлiвая свецень вулiчных лiхтароў. Перад адчыненымi дзвярыма дзiця,
памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася наўздоўж сцяны, упусцiўшы звонку ў
пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыi i скроняў.
Я паглядзеў у той бок i сказаў: "Добры дзень"; потым узяў пiнжак, што
вiсеў каля печы, - бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвiлю я не
закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было
неяк дрэнна, на маiм твары ўздрыгвалi вейкi - карацей, мне не хапала толькi
яшчэ гэтага - чаканага, зрэшты, - прыходу.
Дзiця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыцiснуўшы да яе правую
руку; i, ружовашчокае, яно нiяк не магло наталiцца з таго, што тынк на сцяне
быў грубы i ўцiнаўся яму ў пальцы. Я сказаў: "Вы праўда хочаце сюды? Гэта не
памылка? Няма нiчога лягчэйшага, як памылiцца ў гэтым вялiкiм доме. Мяне
завуць Так-i-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Цi я сапраўды той, да каго Вы
хацелi прыйсцi?"
- Цiха! Цiха! - ускрыкнула дзiця, павярнуўшы голаў да мяне. - Усё, вядома,
так, як трэба.
- Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачынiць дзверы.
- Дзверы я толькi што зачынiў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.
- Пры чым тут турботы. Але ж на гэтым калiдоры жыве шмат народу; усе,
натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калi яны пачуюць,
што ў нейкiм пакоi гамоняць, яны палiчаць, што iм дазволена адчынiць дзверы i
паглядзець, што тут робiцца. Ад гэтага нiкуды не падзенешся. За плячыма ў
гэтых людзей рабочы дзень, i яны не ўпадабаюць нiякiх замахаў на сваю часовую
вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.
- Ну i што з таго? Чаго Вы напалохалiся? Што да мяне, дык няхай прыходзiць
хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачынiў. Вы што -
думаеце, толькi Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я iх нават на ключ замкнуў.
- Тады добра. Болей мне нiчога i не трэба. На ключ, можа, i не варта
было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы - мой госць. Можаце цалкам мне
давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце - заставайцеся тут, хочаце - iдзiце
сабе: я анi не збiраюся Вас прымушаць. Дый цi трэба мне казаць пра гэта? Хiба
Вы мяне так дрэнна ведаеце?
- Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павiнны
былi казаць... Я ж дзiця, нашто столькi валтузнi каля мяне?





Содержание раздела