Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Кафка Франц - Стук У Браму (На Белорусском Языке)


Франц Кафка
Стук у браму
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Гэта было ўлетку, спякотным днём. Iдучы дамоў разам з сястрою, мы якраз
прамiналi нечую вялiзную браму. Не ведаю - цi то каб трохi пасваволiць, цi то
з рассеянасцi - але сястра ляпнула кулаком па палавiнцы брамы; а можа, толькi
пагразiла кулаком i нiякага стуку не было. Сто крокаў далей - там, дзе
прасёлак рабiў крук улева, - пачыналася вёска. Якая - мы не ведалi, але калi
прайшлi паўз першую хату, насустрач нам выйшлi людзi: яны махалi нам рукамi -
прыязна альбо з перасцярогаю - самi напалоханыя, прыцiснутыя цяжарам страху.
Яны ўсё паказвалi на двор, паўз якi мы былi прайшлi, i нагадвалi пра той стук
у браму. Маўляў, гаспадары будуць скардзiцца на нас у суд, зараз пачнецца
следства. Ды я заставаўся вельмi спакойны i сказаў сястры, каб яна надта не
палохалася. Яна ж, вiдаць, зусiм i не стукала па той браме, а калi й стукала,
дык нiхто на свеце давесцi гэтага не здолее. Я паспрабаваў растлумачыць усё
тым людзям - яны слухалi мяне, але нiчога не казалi. Пасля ўсё ж выказалiся:
вiнавацiць за гэты ўчынак будуць не толькi маю сястру, але i мяне самога - як
яе брата. Я, усмiхаючыся, згодна закiваў галавою. Тут мы ўсе разам азiрнулiся
i паглядзелi на той самы двор - як глядзяць на далёкiя клубы дыму, чакаючы,
што вось-вось пыхне полымя. Так яно i было: неўзабаве мы ўбачылi, як праз
шырака расчыненую браму праехалi коннiкi. Клубом узвiўся пыл, пад iм схавалася
амаль усё - толькi блiшчалi вострыя аканечнiкi дзiдаў. I не паспеў яшчэ той
ланцуг знiкнуць увесь за брамаю, як, здаецца, коннiкi ўжо завярнулi назад i
былi па дарозе ў наш бок. Я сказаў сястры, каб яна сышла куды-небудзь,
прыхавалася: маўляў, сам з iмi разбяруся. Яна не схацела пакiдаць мяне аднаго.
Тады я сказаў, што ёй трэба хоць бы пераадзецца, памяняць сукенку, каб
выглядаць перад тымi панамi больш выгодна. Урэшце яна згадзiлася i неўзабаве
рушыла ў няблiзкую дарогу дадому. Тым часам коннiкi былi ўжо пад'ехаўшы да
мяне i яшчэ на хаду спыталiся пра сястру. "Пакуль што яе няма, - адказаў я
спалохана, - але пазней яна прыйдзе". Яны выслухалi мяне амаль абыякава: iм,
здаецца, было важна тое, што яны знайшлi мяне. Камандавалi тут найбольш двое
паноў: суддзя, малады i рухавы мужчына, а таксама ягоны цiхманы памочнiк,
якога называлi Асманам. Мне было загадана iсцi ў хату. Нiзка схiлiўшы галаву,
соўгаючы пальцамi сюды-туды па шлейках, я паволi рушыў з месца. Мне ўсё яшчэ
трохi верылася, што будзе даволi аднаго слова, каб мяне, гараджанiна, пусцiлi
(можа, нават з пашанотаю) гэтыя вяскоўцы. Але не паспеў я пераступiць парога ў
хату, як суддзя, якi быў працiснуўся туды раней i ўжо чакаў мяне, сказаў: "Мне
шкада гэтага чалавека". Не варта было й сумнявацца, што ён, кажучы гэта, меў
на ўвазе не маё цяперашняе становiшча, а тое, што мяне яшчэ чакала. Хацiна,
дзе я апынуўся, была больш падобная да турэмнае цэлi, чым да сялянскай хаты.
Вялiзныя каменныя плiты, цёмная i зусiм голая сцяна, умураванае ў яе жалезнае
кальцо, недзе ўсярэдзiне - збудаванне, якое нагадвала цi то нары, цi то
аперацыйны стол.
Цi заставалася ў мяне магчымасць дыхаць яшчэ якiм-небудзь паветрам, не
турэмным? Нялёгкае пытанне - цi, хутчэй, гэта было б пытаннем, калi б я меў
яшчэ спадзявацца выйсцi на волю.




Содержание раздела