Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Перро Шарль - Чарадзейныя Казкi (На Белорусском Языке)


Шарль Пэро
ЧАРАДЗЕЙНЫЯ КАЗКI
ПРЫГАЖУНЯ Ў СОННЫМ ЛЕСЕ
Жылi сабе кароль з каралевай, i не было ў iх дзяцей. Так яны сумавалi праз
гэта, так сумавалi, што i сказаць няможна. Ужо i ўсе святыя крынiцы на свеце
пааб'ездзiлi, i малiлiся, i бажылiся, i пацеры ўвесь час казалi - чаго толькi
не рабiлi, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такi зацяжарыла i нарадзiла
дачку. Хрэсьбiны справiлi пышныя. За хросных мацi да маленькай прынцэсы
паклiкалi ўсiх чараўнiц, якiх толькi ўдалося знайсцi ў каралеўстве (а iх
аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, якi тады быў у
чараўнiц, надзялiла iх дачку якiм-небудзь дарам i каб прынцэса, такiм чынам,
мела ўсе найлепшыя якасцi, якiя сабе можна ўявiць.
Пасля хрэсьбiнаў госцi ўсёй кампанiяй вярнулiся ў каралеўскi палац, i там
чараўнiцам зладзiлi вялiкi банкет. Перад кожнай паклалi раскошны футарал з
чыстага золата, а ў iм ляжалi залатыя лыжка, вiдэлец i нож, аздобленыя
дыяментамi i рубiнамi. Калi ўсе сядалi за стол, у залу раптам увайшла старая
варажбiтка, якую нiхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не
выходзiла са сваёй вежы i ўсе лiчылi, што яна памерла цi ляжыць там
зачараваная.
Кароль загадаў прынесцi кувэрт i ёй, але залатога футарала больш не
знайшлося: iх зрабiлi толькi сем - столькi, колькi было запрошана чараўнiц.
Варажбiтка палiчыла, што яе зняважылi, i пачала бурчаць скрозь зубы розныя
праклёны. Маладая чараўнiца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне i
зразумела, што старая можа наклiкаць на прынцэсу якое-небудзь лiха. I таму,
калi ўсе ўсталi ад стала, яна адразу адышла ўбок i схавалася за фiранкай, каб
гаварыць апошняй i мець такiм чынам магчымасць крыху ўхiлiць лiха, якое
зробiць старая.
Тым часам чараўнiцы пачалi надзяляць прынцэсу дарамi. Сама маладая
паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце; другая - што
розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя - што яна будзе майстрыха на ўсе
рукi; чацвёртая - што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая - што голас у яе
будзе, як у салавейкi; а шостая - што яна будзе дзiвосна граць на сама розных
iнструментах. Калi ж настала чарга старой варажбiткi, яна, трасучы галавой -
не так ад старасцi, як ад злосцi, - сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном
i памрэ.
Ад такога страшнага выраку госцi аж скаланулiся, i нiхто не здолеў
стрымаць горкiх слёз. У гэтую хвiлiну з-за фiранкi выйшла маладая чараўнiца i
гучна прамовiла:
- Супакойцеся, кароль з каралеваю! Вашая дачка не памрэ. Праўда, я не маю
такой улады, каб зусiм зняць чары старой варажбiткi, i прынцэса ўсё ж уколе
руку верацяном. Але яна не памрэ, а толькi засне глыбокiм сном, якi будзе
доўжыцца сто гадоў. А потым прыйдзе малады каралевiч i разбудзiць яе.
I ўсё ж, нягледзячы на гэтае абяцанне, кароль вырашыў зрабiць усё, каб
запабегчы бяды, наканаванай старой варажбiткай. Ён выдаў загад, якi пад
пагрозаю смерцi забараняў усiм i кожнаму прасцi верацяном цi нават проста
трымаць верацёны дома.
Гадоў праз пятнаццаць цi можа шаснаццаць кароль з каралевай паехалi ў
адзiн свой летнi маёнтак; i аднойчы прынцэса, бегаючы там па палацы - з пакоя
ў пакой, з паверха на паверх, - залезла аж пад самы дах адной вежкi, дзе ў
невялiчкай каморцы ўбачыла старую бабульку, якая прала на верацяно. Гэтая
бабулька i чуць не чула, што кароль наклаў на верацёны строгую забарону.
- Бабуля, што вы тут робiце? - спытала прынцэса.
- Праду, маё дзiцятка, - адказала бабуля, якая не ведала, што перад ёю
прынцэса.
- Ах, як гэта цудоўна!





Содержание раздела