Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Ремарк Эрих Мария - Тры Таварышы (На Белорусском Языке)


Эрых Марыя Рэмарк
Тры таварышы
Раман
Пераклад: Уладзiмiр Папковiч
I
Неба, яшчэ не закопчанае дымам з фабрычнага камiна, было жоўтае, як
латунь. Па-за дахамi фабрыкi яно гарэла асаблiва ярка. Вось-вось узыдзе сонца.
Я зiрнуў на гадзiннiк. Яшчэ не было васьмi. Без чвэрцi.
Я адчынiў вароты i падрыхтаваў помпу бензакалонкi. У гэты час звычайна на
запраўку ўжо пад'язджалi першыя машыны. Раптам я пачуў за спiнай хрыпаты
крэкат, быццам пад зямлёй круцiлi заржавелы вiнт. Я спынiўся i прыслухаўся.
Затым я вярнуўся праз двор да майстэрнi i асцярожна адчынiў дзверы. У
паўзмроку памяшкання блукаў, хiстаючыся, прывiд. На iм была брудная, некалi
белая, хустка, сiнi фартух, грубыя пантофлi. Гэты прывiд, якi размахваў
венiкам, важыў не менш 90 кiлаграмаў. То была наша прыбiральшчыца Мацiльда
Штос.
Я хвiлiнку пастаяў, пазiраючы на яе. З грацыяй бегемота яна сноўдалася
памiж радыятарамi аўтамабiляў i глухiм голасам спявала песню пра вернага
гусара. На стале каля акна стаялi дзве бутэлькi каньяку. Адна ўжо была амаль
пустая. Учора ўвечары яна была яшчэ поўная. Я тады забыўся схаваць яе.
- Але... фраў Штос, - сказаў я.
Спеў абарваўся. Венiк упаў долу. Шчаслiвая ўсмешка пагасла. Цяпер я стаў
прывiдам.
- Езус Хрыстус, - прамармытала Мацiльда i ўтаропiлася на мяне чырвонымi
вачыма. - Так рана я вас не чакала...
- Разумею. Добра пайшло?
- Добра... але ж няёмка. - Яна выцерла губы. - Я аж аслупянела.
- Гэта вы ўжо занадта. Не аслупянела - ап'янела. У дым.
Яна ледзь стаяла на нагах. Яе вусны торгалiся, а вейкi хлопалi, як у
старой савы. Але памалу яна прыходзiла да памяцi. Яна рашуча зрабiла крок
наперад.
- Пан Локамп... чалавек - толькi ўсяго чалавек... спачатку я толькi
панюхала... потым глытнула... у мяне ж у страўнiку заўсёды круцiць... ну, а
потым... потым мяне, вiдаць, апанаваў д'ябал. Ды i нельга ж спакушаць бедную
кабецiну, пакiдаючы навiдавоку пляшку.
Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае ранiцы яна дзве гадзiны прыбiрала ў
майстэрнi. Можна было колькi хочаш пакiнуць грошай - яна не кране. Але да
гарэлкi яна была ласая, як кот да сала.
Я ўзяў бутэльку.
- Вядома, каньяк, што для клiентаў, вы не кранулi. А лепшы, ад пана
Кёстэра, спажылi.
Усмешка кранула выветраныя рысы Мацiльды.
- Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзiце, пан
Локамп? Безабаронную ўдаву?
Я пахiтаў галавой.
- Сёння не выдам.
Яна адпусцiла падаткнутую спаднiцу.
- Тады я хуценька дам лататы. А то прыйдзе пан Кёстэр... божа лiтасцiвы!
Я падышоў да шафы i адчынiў.
- Мацiльда!
Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.
Яна ўзмахнула рукамi, пратэстуючы.
- Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!
- Я ведаю, - сказаў я i налiў поўную чарку. - Пiлi калi-небудзь гэты?
- А няўжо ж! - Яна аблiзала вусны. - Ром! Вытрыманы ямайскi!
- Выдатна! Тады выпiце чарку.
- Я? - Яна адхiснулася. - Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смалiце мяне гарачым
жалезам. Старая Штос п'е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам.
Вы святы, святы! Лепш памерцi, чым стрываць такое.
- Ну што ж... - сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.
- Ну добра! - Яна паспешлiва схапiла яе. - Нельга адмаўляцца ад дабра.
Нават калi не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?
- Так, Мацiльда. Адгадала.
- Няўжо праўда? - Яна сцiснула мне руку i пачала трэсцi. - Вiншую ад усяго
сэрца! Каб грошы не выводзiлiся! Пан Локамп, - яна выцерла вусны, - я так
расчулена... за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адн





Содержание раздела