Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Сент-Экзюпери Антуан - Планета Людзей (На Белорусском Языке)


Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры
Планета людзей
Пераклала Нiна Мацяш
Вялiкая прэмiя Французскай Акадэмii за лепшы раман
Анры Гiёмэ, таварыш мой, табе прысвячаю я гэтую кнiгу
Зямля памагае нам разумець самiх сябе, як не памогуць нiякiя кнiгi. Бо
зямля не паддаецца нам. Чалавек спазнае сябе толькi ў змаганнi з перашкодамi.
Але для гэтага змагання яму патрэбны прылады. Яму патрэбны гэблiк цi плуг.
Селянiн сваёй нялёгкай працай паступова вырывае ў прыроды яе таямнiцы, i
iсцiна, якую ён здабывае, - усеагульная iсцiна. Гэтак i самалёт - прылада для
пракладвання паветраных лiнiй - сутыкае чалавека з усiмi адвечнымi праблемамi.
Нiколi не забуду майго першага начнога палёту ў Аргенцiне, той апраметнай
цемрадзi, у якой, быццам рассыпаныя па раўнiне зоркi, мiгцелi рэдкiя
агеньчыкi.
Кожны з iх азначаў у гэтым акiяне цемрыва цуд чалавечага духу. Пры святле
вось гэтай лямпы нехта чытае, цi летуценiць, цi спавядаецца. А тут, магчыма,
нехта марыць пра касмiчныя палёты, нехта карпее над вылiчэннем туманнасцi
Андрамеды. А там - кахаюцца. Яны нястомна пераклiкаюцца, гэтыя агнi ўнiзе, i
кожнаму патрэбна сiлкаванне. Усiм без выключэння, нават сама сцiплым - агням
паэта, настаўнiка, цеслi. Але мiж гэтых жывых зор - колькi зачыненых аканiц,
колькi пагаслых зорак, колькi заснулых людзей...
Далучыцца б да iх. Пагаманiць бы з вамi, зiхоткiя агеньчыкi, раскiданыя ў
палях.
I. ПАВЕТРАНАЯ ЛIНIЯ
Гэта было ў 1926 годзе. Я паступiў тады пiлотам на авiялiнiю кампанii
"Латэкаэр", якая яшчэ да "Аэрапасталi" i "Эр-Франс" наладзiла сувязь памiж
Тулузай i Дакарам. Там я асвойваў сваё рамяство. Разам з iншымi таварышамi я
праходзiў падрыхтоўчы курс, абавязковы для ўсiх навiчкоў, перш чым мець гонар
вадзiць паштовы самалёт. Пробныя палёты, перагоны Тулуза - Пэрпiньян, нудлiвыя
ўрокi навiгацыi ў кутку ледзянога ангара. Мы жылi ў боязi прад невядомымi нам
гарамi Гiшпанii i ў глыбокай павазе да "старых".
Мы сустракалiся з iмi, "старымi", у рэстаране, - засяроджаныя, нейкiя
недаступныя, яны даволi звысоку давалi нам свае парады. I калi нехта з iх, па
вяртаннi з Алiкантэ цi Касабланкi, у скуранцы, мокрай ад дажджу, са спазненнем
далучаўся да нас, а нехта з нас нясмела цiкавiўся, як прайшоў палёт, яго
скупыя адказы i слота на дварэ стваралi ў нашым ўяўленнi цэлы казачны свет,
поўны пастак, сiлоў, неспадзяваных скал i завiхрэнняў такой сiлы, што маглi б
вырваць з коранем кедры. Чорныя драконы сцераглi доступ на ўзвышшы, вогненныя
кароны ўвенчвалi кратэры. Яны, "старыя", умела падтрымлiвалi нашу пашаноту.
Але потым нехта з iх не вяртаўся, i жывым заставалася вечна шанаваць iх
памяць.
Помню, як вярнуўся Бюры, якi пазней разбiўся ў Карб'ерах. Бывалы лётчык
сеў памiж нас i моўчкi, усё яшчэ стомлена горбячыся, стаў нетаропка есцi. Быў
вечар аднаго з тых слотных дзён, калi неба гнiе па ўсiм маршруце авiялiнii i
лётчыку мроiцца, што ўсе горы куляюцца ў тванi, як гарматы на палубе колiшнiх
паруснiкаў, калi лопнуць прымацаваннi. Я паглядзеў на Бюры, пракаўтнуў камяк у
горле i нарэшце асмелiўся запытацца, цi цяжкi быў палёт. Бюры не азваўся,
засяроджаны, схiлены над талеркай. На борце адкрытых самалётаў у кепскае
надвор'е лётчыкi, каб лепей бачыць, высоўваюцца па-за ветравое шкло, i поўхi
ветру яшчэ доўга потым свiшчуць у вушах. Але вось, здаецца, Бюры пачуў мяне,
падняў галаву, схамянуўся i нечакана хораша засмяяўся. I гэты смех, гэты
кароткi смех, якi азарыў ягоную стому, прывёў мяне ў захапленне. Ён нi слова
не сказаў пра сваю перамогу, апусцiў гал





Содержание раздела