Библиотека в кармане -зарубежные авторы

         

Стейнбек Джон - Гронкi Гневу (На Белорусском Языке)


Джон Стэйнбек
Гронкi гневу
Раман
Пераклад: Сямён Дорскi
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
На чырвоныя землi i частку шэрых зямель Аклахомы апошнiя дажджы падалi
мякка i не размылi сухую, патрэсканую глебу. Плугi ўдоўж i ўпоперак прайшлiся
па канаўках - слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка
прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалi трава i бур'ян, i пад зялёным
покрывам пачалi знiкаць шэрыя i цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба
зрабiлася бялёсым, i аблокi, што ўсю вясну вiселi кучкамi высока ў небе,
паступова расталi. З дня ў дзень сонца апякала гарачымi промнямi падрослую
кукурузу, i па краях зялёных расткоў пачалi праступаць карычневыя беражкi.
Хмары наплывалi i хутка знiкалi, а неўзабаве i зусiм перасталi збiрацца.
Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер i ўжо не
перакiдвалася на новыя ўчасткi. Паверхня зямлi запяклася ў тонкую цвёрдую
скарынку, i па меры таго як выцвiтала неба, выцвiтала i зямля - чырвоная
ружавела, а шэрая выгарала да белiзны.
У размывах, што засталiся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухiмi
струменьчыкамi. Шмыгаючы па iх, суслiкi i мурашкаеды абрыналi маленькiя лавiны
пяску. Дзень за днём жорстка палiла сонца, i лiсце маладой кукурузы трацiла
пруткасць i прамiзну - спярша лiст крыху прагiнаўся пасярэдзiне, потым
падоўжная жылка яго слабела i ён панiкаў долу. У чэрвенi сонца пачало пячы
шалёна. Карычневыя палоскi па краях кукурузных лiстоў шырэлi, падбiралiся да
галоўнай жылкi. Пустазелле зморшчылася, яго бадылiны панiклi верхавiнкамi да
каранёў. Паветра зрабiлася празрыстае, неба зусiм злiняла, зямля таксама з
кожным днём усё больш блякла.
На дарогах, - там, дзе па iх хадзiлi работнiкi, дзе зямлю крышылi колы
павозак i рассякалi конскiя капыты, скарынка запечанай гразi ператваралася ў
пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра - пешаход
узнiмаў верхнi пласт пылу сабе па пояс, фургон вiхурыў пыл на вышыню агароджы,
за аўтамашынай ён клубiўся воблакам i потым доўга не асядаў на зямлю.
Калi чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса i Мексiканскага залiва
насунулiся вялiкiя хмары - цяжкiя, навальнiчныя. Людзi на палях задзiралi
ўгору галовы, уцягвалi носам паветра i выстаўлялi наслiненыя пальцы, каб
праверыць, цi ёсць вецер. Конi трывожна пераступалi з нагi на нагу. Чорныя
хмары крыху апырснулi зямлю i iмклiва паплылi далей, у iншыя краi. Пасля iх
неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя
кроплi прабiлi ў пыле маленькiя ямкi, сям-там абмылi кукурузнае лiсце - i
толькi.
Услед за хмарамi павеяў мяккi ветрык, ён гнаў iх на поўнач i лёгка
пагойдваў падвялы кiяшнiк. Мiнуў дзень, i вецер набраў сiлы, але дзьмуў роўна,
без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра i апускаўся на пустазелле, што
расло ўзбоч палёў, i ўскрай iх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна i
рэзка, накiнуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад
вiрлiвага пылу, а вецер усё шастаў па зямлi, крышыў яе i зносiў з сабой.
Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлi пад яго напорам
лопнула, i над палямi падняўся густы пыл, якi цягнуўся шэрымi, касматымi, як
дым з комiна, пасмамi. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухiм лiсцем.
Тонкi пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнiмаўся i знiкаў у пацямнелым небе.
А вецер усё мацнеў, шмыгаў пад камянi, выдзьмуваў усё - i салому, i
леташняе лiсце, i камячкi зямлi, адзначаючы iмi свой шлях. Паветра i неба
зусiм пазмрачнелi, сонца, што прабiвалася скрозь морак, здавалася





Содержание раздела